12 лістапада ў гімназіі ў Асіповічах прайшла прэзентацыя ўніверсітэта імя Ніла Гілевіча. На мерапрыемстве прысутнічалі вучні гарадскіх школ, настаўнікі.

Новая прыватная навучальная ўстанова з’явілася ў айчыннай адукацыйнай прасторы параўнальна нядаўна — 15 сакавіка бягучага года і пазіцыяніруе сябе як адзіная ВНУ з навучаннем выключна на беларускай мове. Ініцыятарам стварэння ўніверсітэта стала старшыня Таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь VI склікання Алена Анісім. У сваім выступленні яна зазначыла, што старэнне падобнай установы дыктуе попыт сярод выпускнікоў беларускамоўных школ і гімназій на якасную адукацыю на роднай мове. Таму і задачы ставяцца адпаведныя: не змарнаваць патэнцыял беларускай моладзі, захаваць культурную і моўную спадчыну, дазволіць атрымаць веды, якія дапамогуць быць запатрабаваным спецыялістам як на Радзіме, так і ў еўрапейскіх краінах.

Па словах выконваючага абавязкі рэктара Алега Трусава і першага прарэктара Уладзіміра Коласа цікавых момантаў у навучальным працэсе чакаецца нямала. Для студэнтаў будзе арганізавана 6 напрамкаў (журналістыка, нацыяльная спадчына, урбаністыка, ІТ-тэхналогіі, бізнес-менеджмент, краіназнаўства), якія ў сваю чаргу падраздзяляюцца на 56 спецыяльнасцей для падрыхтоўкі будучых бакалаўраў і магістраў. Акрамя гэтага тут аднаўляюць практыку навуковых школ — з’явы, калі вучань паступае на кафедру канкрэтнага прафесара. Немалаважным для выпускнікоў беларускамоўных школ стане вывучэнне замежных моў праз беларускую. Плануецца, што напрыканцы навучання студэнт будзе вольна валодаць як мінімум двума замежнымі мовамі. Прыемны бонус — нешматлікасць груп. Так, пры запланаванай колькасці ў 1000-2000 студэнтаў, групу складуць 10-12 чалавек.

Здаецца, у пачынанні ёсць рацыянальнае зерне, якое чакае спрыяльная глеба.

Ганна Сабела для раённай газеты «Асіповіцкі край»