Нататкі да стварэння беларускамоўнага ўніверсітэта ў Беларусі

Патрэба ў стварэнні такой установы відавочная: Беларусь, якая фармальна з’яўляецца самастойнай незалежнай еўрапейскай краінай, дзе карэннае насельніцтва, беларусы, складаюць 84%, не мае ніводнага ўніверсітэта з беларускай мовай выкладання. Гэтая парадаксальная акалічнасць мае шмат тлумачэнняў, але галоўная з іх — Беларусь дагэтуль так і не пазбавілася рудыментаў каланіяльнай ментальнасці, якія рэпрадукуюцца ў масавай свядомасці, у тым ліку, і праз сістэму адукацыі, што захавалася амаль нязменнай з савецкіх часоў.

Адной з адметнасцяў гэтай сістэмы, скіраванай на ўніфікацыю насельніцтва агромністай савецкай імперыі, было насаджэнне рускай мовы ў якасці адзінай мовы зносін, і наданне нацыянальным мовам іншых народаў, якія ўваходзілі ў яе склад, у тым ліку беларускай, статусу непрыстыжных, «вясковых» моў, якія не даюць перспектыў у жыцці. Такая сітуацыя параджае цэлы шэраг праблем, аналіз якіх не ўваходзіць у фармат гэтага тэкста. Але галоўная выснова, якую належыць зрабіць — стварэнне беларускага ўніверсітэта — гэта адзін з галоўных  чыннікаў еўрапейскай мадэрнізацыі краіны, без якой развіццё Беларусі, як сучаснай еўрапейскай дзяржавы, немагчымае.

У той жа час мадэрнізацыя з’яўляецца жыццёва важнай для Беларусі. Гэта прызнае не толькі значная частка насельніцтва і грамадзянскай супольнасці, але і прадстаўнікі афіцыйнага палітычнага кіраўніцтва краіны. Існуе таксама моцны попыт насельніцтва на паляпшэнне ўзроўню вышэйшай адукацыі. Гэта выяўляецца ў стварэнні шэрагу праектаў нефармальнай адукацыі (Беларускі Калегіюм, Лятучы Універсітэт, Еўрапейскі каледж свабодных мастацтваў у Беларусі і г. д.). Да гэтай плыні належыць і нядаўняя ініцыятыва грамадзянскай супольнасці аб стварэнні Універсітэта імя Ніла Гілевіча.

Вялікія спадзяванні ў свой час беларуская грамадскасць ускладала на Еўрапейскі Гуманітарны Універсітэт, як на праект, які ўвасобіць спалучэнне дэмакратычных традыцый заходніх універсітэтаў і нацыянальнай культуры. Але, на вялікі жаль, сярод кіраўніцтва і выкладчыцкага калектыву там запанавалі настроі і погляды, традыцыйныя для акадэмічнай супольнасці савецкай імперскай прасторы, дзе мовай адукацыі і культуры было прынята лічыць рускую мову і дзе заўсёды жывілася пагарда да «правінцыйных» нацыянальных моў. Таму некалькі гадоў таму пры Таварыстве беларускай мовы была створана ініцыятыўная група па заснаванні сучаснага ўніверсітэта, дзе асноўнай мовай зносін і навучання была б беларуская мова.

Безумоўна, беларуская мова — не адзіны складнік, але без яе наўрад ці ўніверсітэт можа быць нацыянальным. Сучасны нацыянальны беларускі ўніверсітэт павінен:

  • адпавядаць сучасным адукацыйным стандартам,
  • быць канкурэнтаздольным на рынку адукацыйных паслуг,
  • прывабліваць студэнтаў узроўнем і якасцю навучання,
  • даваць прафесіі, якія будуць найбольш запатрабаванымі на нацыянальным і міжнародным рынку працы.

Разам з тым, новы ўніверсітэт павінен адрознівацца прынцыпова новай, дэмакратычнай сістэмай самакіравання, сапраўднай акадэмічнай незалежнасцю, незаангажаванасцю, незаідэілагізаванасцю адукацыйнага працэсу. У ідэале такі ўніверсітэт павінен стаць мадэллю новага кшталту стасункаў, асяроддзем, дзе шануюцца і ад якога пашыраюцца на ўсю краіну, а, магчыма, і далей на постсавецкую прастору сапраўдныя еўрапейскія культурныя і цывілізацыйныя вартасці.

У кіраўніцтва ўніверсітэта ўваходзяць в. а. рэктара Алег Трусаў (археолаг, гісторык беларускай архітэктуры, кандыдат гістарычных навук, дацэнт, палітык і грамадскі дзеяч, Ганаровы старшыня Таварыства беларускай мовы), першы прарэктар Уладзімір Колас (кінарэжысёр, першы намеснік старшыні Таварыства беларускай мовы, заснавальнік і дырэктар Беларускага гуманітарнага ліцэя), прарэктар па навучальнай дзейнасці Павел Церашковіч (антраполаг, былы прэзідэнт Сената Еўрапейскага Гуманітарнага Універсітэта).

Падчас працы па стварэнні ўніверсітэта праводзілася выпрацоўка канцэпцыі будучага ўніверсітэта і шляхоў яе рэалізацыі, а таксама азнаямленне з існуючымі ў Беларусі недзяржаўнымі  адукацыйнымі ініцыятывамі, якія можна лічыць правобразам будучага ўніверсітэта: Беларускага калегіюма, Беларускага гуманітарнага ліцэя, Беларускага балонскага камітэта, Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта, Лятучага ўніверсітэта, Кансорцыюма ЕўраБеларусь, Інстытута кібернэтыкі і інфарматыкі, Інстытута палітычных даследаванняў «Палітычная сфера», Міжнароднага кангрэса даледчыкаў Беларусі ды інш.

Вывучаліся палітычная сітуацыя і эканамічныя варункі стварэння грамадскага ўніверсітэта ў Беларусі. Пры гэтым адным з прынцыповых пытанняў, вакол якога вялася дыскусія, была магчымасць стварэння і існавання такога ўніверсітэта ў сучаснай Беларусі.

У выніку падрыхтоўчай працы былі зробленыя наступныя высновы:

  • універсітэт павінен быць заснаваным і працаваць толькі ў Беларусі;
  • у Беларусі маецца дастатковая колькасць універсітэцкай прафесуры, здольнай выкладаць на беларускай мове, каб забяспечыць патрэбы беларускамоўнага ўніверсітэта і праводзіць заняткі на самым высокім узроўні;
  • у дадзены момант сітуацыя ў Беларусі змяняецца ў спрыяльным накірунку для ініцыятыў, скіраваных на адраджэнне нацыянальнай тоеснасці і еўрапейскай мадэрнізацыі;
  • неабходна заснаваць універсітэт як незалежную акадэмічную установу, распрацаваць і зацвердзіць ягоны статут, абраць і ўзгадніць з афіцыйнымі структурамі рэктара ў адпаведнасці з дзеючымі ў Беларусі нарматыўнымі актамі.

Для рэалізацыі Універсітэта імя Ніла Гілевіча зроблены амаль усе наступныя крокі:

  • распрацоўка Статута;
  • афіцыйная рэгістрацыя ўніверсітэта як прыватнай (грамадскай) вышэйшай навучальнай установы;
  • абранне рэктара і афіцыйнае ўзгадненне ягонай кандыдатуры з уладамі ў адпаведнасці з дзеючымі ў Беларусі нарматыўнымі актамі;
  • заснаванне фонда для збору сродкаў на стварэнне ўніверсітэта;
  • стварэнне базы дадзеных патэнцыяльных выкладчыкаў і адміністрацыйных кадраў;
  • пошук памяшкання, якое б адпавядала патрабаванням навучальнага працэсу і навукова-даследчыцкай дзейнасці;
  • атрыманне ліцэнзіі на адукацыйную дзейнасць.

Уладзімір Колас
Павел Церашковіч