“Змаганне за беларускамоўную адукацыю ў ВНУ працягваеццца”

Алег Трусаў Ганаровы старшыня ТБМ, в. а. рэктара Універсітэта імя Ніла Гілевіча

Пачатак

Першы ўніверсітэт на нашых землях з’явіўся ў XVI ст. у Вільні, дзякуючы Стэфану Баторыю і ордэну езуітаў. І не дзіўна: стварэнне ў Еўропе і за яе межамі цэлай адукацыйнай сістэмы езуіцкіх калегіумаў і акадэмій, у якіх можна было атрымаць на той час якасную адукацыю, было палітыкай ордэна. А другі ўніверсітэт на тэрыторыі Беларусі быў створаны ў Полацку ў выглядзе езуіцкай акадэміі, як гэта было і ў Вільні.

Але гэтыя навучальныя ўстановы не былі нацыянальнымі, яны не рыхтавалі беларускіх патрыётаў, а гадавалі адэптаў каталіцкай царквы. Таму ў аснове адукацыі была латынь. У XVIІІ ст. еўрапейская адукацыя пад уплывам ідэй Асветніцтва і Рэфармацыі паступова становіцца свецкай і нацыянальнай. Выкладанне большасці прадметаў вядзецца ўжо на мясцовых мовах. У Віленскім універсітэце пераважнай мовай навучання становіцца польская. У ХІХ ст. на тэрыторыі Беларусі, якая тады знаходзілася цалкам у складзе Расійскай імперыі, мова навучання з польскай паступова стала рускай, а беларуская фактычна трапіла пад забарону ажно да 1905 г.

Нават дазволіўшы кнігадрукаванне і выхад газет на беларускай мове, расійскія ўлады да апошніх дзён існавання Расійскай імперыі забаранялі беларускамоўную школьную адукацыю, таму першыя школы і семінарыі на роднай мове ўзніклі толькі падчас Першай сусветнай вайны на акупаванай немцамі тэрыторыі Заходняй Беларусі. Ужо тады прыхільнікі беларушчыны марылі пра адкрыццё нацыянальнага ўніверсітэта, які б на беларускай мове гадаваў нацыянальную беларускую эліту.

БДУ беларускамоўны

Пасля лютаўскай рэвалюцыі 1917 г. ідэя адкрыцця беларускага нацыянальнага ўніверсітэта пачала публічна агучвацца на розных сходах і з’ездах, а з 1918 г. стала адным з накірункаў дзейнасці ўрада БНР. У 1919 г. польскія ўлады аднаўляюць Віленскі ўніверсітэт, а ў 1921-м у Менску (тагачасная назва сталіцы БССР) пачынае дзейнічаць савецкі Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт (БДУ). Тут у 20-х гадах беларуская мова становіцца адной з моваў выкладання шматлікіх прадметаў на розных факультэтах. А навуковыя супрацоўнікі Інбелкульта, многія з якіх былі беларускамоўнымі, адначасова з’яўляліся і ўніверсітэцкімі выкладчыкамі.

Сталінскія рэпрэсіі 30-х гадоў нанеслі велізарны ўдар: многія студэнты і выкладчыкі БДУ былі знішчаны фізічна, а беларуская мова перастала гучаць у сценах універсітэта. У 60-70-х гадах ХХ ст. студэнты беларускага аддзялення філфака БДУ змагаліся за тое, каб іх навучалі па-беларуску, але поспеху ў гэтым змаганні не мелі.

Сітуацыя стала паляпшацца толькі ў першай палове 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі беларуская мова стала адзінай дзяржаўнай мовай у Беларусі. За пяць гадоў новай беларусізацыі (1990-1995 гг.) сотні выкладчыкаў ВНУ перайшлі на беларускую мову. Яны пісалі і выдавалі новыя падручнікі, дапаможнікі, слоўнікі, розную метадычную літаратуру. Рэферэндумы 1995 і 1996 гадоў спынілі гэты працэс і павярнулі кола беларускай гісторыі назад у мінулае.

Змаганне працягваецца

Аднак змаганне за беларускамоўную адукацыю ў ВНУ было працягнута. Рада ТБМ зноў узняла пытанне пра стварэнне Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта (БНУ). У верасні 1998 г. адбыліся пікеты і мітынгі ТБМ з удзелам моладзевых аб’яднанняў у падтрымку беларускамоўнай адукацыі і стварэння БНУ. Быў накіраваны зварот да старшыні Савета Міністраў Сяргея Лінга і міністра адукацыі Васіля Стражава з патрабаваннем адкрыць нацыянальны ўніверсітэт.

10 кастрычніка 1999 г. Рада ТБМ зацвердзіла ініцыятыўную групу па распрацоўцы Статута і Палажэння аб БНУ. Кіраўніком групы быў абраны акадэмік Радзім Гарэцкі.

Наступным крокам было абмеркаванне 12 студзеня 2000 г. канцэпцыі БНУ і канцэпцыі прыродазнаўчага факультэта, а потым апублікаванне гэтых дакументаў. Ужо 7 чэрвеня 2000 г. газета «Наша слова» надрукавала канцэпцыю БНУ, падрыхтаваную Барысам Кітом.

Сябры і прыхільнікі ТБМ пачалі збіраць подпісы грамадзян Беларусі ў падтрымку адкрыцця ў Беларусі Беларускага нацыянальнага ўніверсітэта – урэшце каля 50 тысяч. Былі сустрэчы з тагачасным міністрам адукацыі Васілем Стражавым, прадстаўнікамі адміністрацыі прэзідэнта, пісьмы да ўладаў. У выніку  ТБМ атрымлівала афіцыйныя адказы, у тым ліку за подпісам першага намесніка Міністра адукацыі А. І. Жука. У ім  паведамлялася пра немэтазгоднасць адкрыцця БНУ.

Сітуація з адукацыяй

Між тым, сітуацыя з узроўнем адукацыі ў нашай краіне, асабліва ў сярэдняй школе, пагаршаецца з кожным годам. Гэтаму спрыяюць розныя аб’ектыўныя і суб’ектыўныя фактары. Да іх можна аднесці перапоўненыя класы ў гарадскіх школах, нізкія заробкі настаўнікаў, праз гэта і непрывабнасць дадзенай сферы для мужчын. Дададзім яшчэ дрэнную падрыхтоўку настаўнікаў у ВНУ, бо на педагагічных спецыяльнасцях часта вучацца самыя слабыя студэнты.

У глыбокім крызісе апынуліся і нашы ВНУ, асабліва пасля таго, як іх гвалтам перавялі на 4 гады навучання, і гэта тады, калі нават у СССР усе ўніверсітэты, у адрозненне ад інстытутаў, вучылі студэнтаў 5 гадоў. Нашы студэнты дрэнна ведаюць замежныя мовы (і нават родную беларускую), не ўсё як след  ў ІТ-тэхналогіях і сучасных камунікацыях.

Пасля далучэння ў 2015 г. да Балонскага працэсу нам трэба імкнуцца да стварэння Нацыянальнай рамкі кваліфікацый, скасавання размеркавання выпускнікоў, выдачы льготных крэдытаў студэнтам прыватных ВНУ, пашырэння інстытуцыйнай аўтаноміі, пашырэння тэрмінаў знаходжання выкладчыкаў і студэнтаў у замежных краінах з мэтай навучання і абменам досведу ў выкладчыцкай і навуковай працы без неабходнасці атрымання дазволу міністэрства.

Першы камень ў падмурак

Таму зноў быў створаны аргкамітэт па стварэнні БНУ, які плённа працаваў два гады перад стварэннем Прыватнай установы адукацыі «Універсітэт імя Ніла Гілевіча». У 2017 г. старшыня ТБМ Алена Анісім публічна задала пытанне кіраўніку Беларусі аб адкрыцці БНУ і атрымала адказ, які ўпершыню не быў адмоўным. У верасні 2017 г. ТБМ афіцыйна атрымала ў Мінску памяшканне для размяшчэння аргкамітэта па стварэнні будучага ўніверсітэта як структурнага падраздзялення ТБМ. Такім чынам, быў закладзены першы камень у падмурак беларускамоўнага ўніверсітэта.

Далейшымі крокамі стала рэгістрацыя Статута і атрыманне ліцэнзіі на дзейнасць БНУ як прыватнай навучальнай ўстановы.