25—26 лістапада 2017 года ў Мінску ў гатэлі “Crowne Plaza” (вул. Кірава, 13) прайшла Міжнародная канферэнцыя “Нацыянальны ўніверсітэт у 21-м стагоддзі: місія і выклікі”. Ладзілі канферэнцыю Таварыства беларускай мовы імя Францішка Скарыны і Аргкамітэт Універсітэта iмя Нiла Гiлевiча.

На канферэнцыі абмяркоўвалі, якім павінен быць нацыянальны ўніверсітэт сёння, у чым яго прызначэнне, якім чынам нацыянальная ідэнтычнасць і сучасныя нацыянальныя мовы спалучаюцца з выклікам інтэрнацыяналізацыі ў вышэйшай адукацыі, як арганізаваць навуковыя даследаванні і прымяняць сучасныя дыдактычныя тэхналогіі, як рэалізаваць прынцыпы ўніверсітэцкай аўтаноміі ў сучаснай Беларусі. І, галоўнае, калі ж насамрэч паўстане нацыянальны універсітэт?

Для абмеркавання стаялі наступныя пытанні:

  • Місія нацыянальнага ўніверсітэта ў 21-м стагоддзі: case Беларусі.
  • Мова, ідэнтычнасць і вышэйшая адукацыя ў сучаснай Беларусі.
  • Інтэрнацыяналізацыя і нацыянальны ўніверсітэт: пазітыўны досвед Польшчы, Украіны ды іншых краін.
  • Нацыянальны ўніверсітэт як даследчыцкі ўніверсітэт.
  • Нацыянальны ўніверсітэт у Беларусі і Балонскі працэс: каштоўнасці і інструменты.
  • Нацыянальны ўніверсітэт у Беларусі і найноўшыя навучальныя тэхналогіі.

У канферэнцыі прымалі ўдзел беларускія і міжнародныя эксперты ў сферы адукацыі, прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і афіцыйных структур, ініцыятыўныя студэнты, выкладчыкі і навуковыя супрацоўнікі, якія выступалі з дакладамі і паведамленнямі па вышэйазначаных праблемах.