У панядзелак, 15 кастрычніка, рэктарат Універсітэта імя Ніла Гілевіча пабываў у Полацку па просьбе грамадскасці, зацікаўленай даведацца больш пра планы і дзейнасць універсітэта. Сярод кіраўніцтва быў в.а. рэктара Алег Трусаў, першы прарэктар Уладзімір Колас, адказны за фармаванне бібліятэкі Лявон Баршчэўскі і адказны за гаспадарчую частку Яўген Кажарскі. На сустрэчу прыйшло два дзясяткі чалавек, якія не толькі слухалі, але і задавалі пытанні, дзяліліся сваімі думкамі і парадамі.

Сп. Лявон Баршчэўскі распавёў пра тэматыку бібліятэчных выданняў, прычым некаторыя выданні можна было пагартаць і азнаёміцца. Сп. Уладзімір Колас звярнуў увагу на будучыя адукацыйныя накірункі, патлумачыў, чаму менавіта яны былі абраныя. Сп. Алег Трусаў падзяліўся і практычным досведам, распавёў пра тое, наколькі важнай з’яўляецца адукацыя менавіта па-беларуску ці праз беларускую мову, бо ідэя стварэння ўніверсітэта якрах і палягае ў тым, што нацыятворчы працэс непарыўна звязаны з якаснай вышэйшай адукацыяй.