Акадэмічны профіль Універсітэта імя Ніла Гілевіча

Кожны універсітэт адыгрывае шэраг істотных роляў у грамадстве. Часцей за ўсё сярод іх згадваюць прадстаўленне якаснай адукацыі, падрыхтоўку кваліфікаванай сацыяльнай і палітычнай эліты, нацыянальных і рэгіянальных лідараў, ці ролю ўніверсітэтаў у якасці пляцоўкі для абмеркавання выклікаў, якія стаяць перад грамадствам, пашырэння інавацыйных ідэй ды праектаў.

Цэнтры вытворчасці ведаў

Разам з тым, універсітэты ёсць цэнтрамі вытворчасці ведаў, сярод якіх ці не найбольшае значэнне маюць «лакальна рэлевантныя веды» (locally relevant knowledge), якія можна ў адносінах да нашага ўніверсітэта інтэрпрэтаваць як «нацыянальна рэлевантныя».

Гэтая інтэрпрэтацыя можа быць адпраўнай кропкай ў вызначэнні акадэмічнага профілю Універсітэта імя Ніла Гілевіча, але яна ў сваю чаргу непазбежна лімітаваная такімі абставінамі, як:

  • сітуацыя на нацыянальным рынку адукацыйных паслуг;
  • галоўнымі тэндэнцыямі на рынку адукацыйных паслуг у галабальнай перспектыве;
  • тэхнічныя магчымасці недзяржаўнага «старт-ап» адукацыйнага праекта.

Улічваючы, што значным попытам сярод абітурыентаў карыстаюцца спецыяльнасці сацыяльна-гуманітарнага профілю, а таксама немагчымасцю ў бліжэйшай перспектыве забяспечыць тэхнічныя магчымасці для выкладання медыцынскіх, прыродазнаўчых і інжынерных спецыяльнасцей, у якасці асноўных кірункаў можна прапанаваць наступныя.

Культурная спадчына

(Heritage studies) — даследаванні, інтэрпрэтацыя і эксплуатацыя  культурнай спадчыны.

Кірунак навучання “Культурная спадчына” ўключае ў сябе не толькі засваенне грунтоўных ведаў аб гістарычным мінулым, помніках археалогіі, этнаграфіі, фальклорнай спадчыны, гісторыі архітэктуры і мастацтва, але і набыццё практычных навыкаў, неабходных для ідэнтыфікацыі, захоўвання, кіравання і прэзентацыі аб’ектаў культурнай і прыроднай (інтэграванай з культурнай) спадчыны. Мэта кірунку — стварэнне новай генерацыі спецыялістаў, здольных пабудаваць індустрыю спадчыны (heritage industry), як паўнавартаснага сектара гаспадаркі Беларусі.

Навучанне ўключае засваенне зместу канцэптуальных, палітычных, ідэалагічных, этычных і практычных аспектаў эксплуатацыі культурнай спадчыны як эканамічнага рэсурсу.  Асаблівая ўвага будзе надавацца ўзаемасувязі аб’ектаў культурнай і прыроднай спадчыны ў кантэксце пабудовы стратаэгій устойлівага развіцця на лакальным, рэгіянальным і нацыянальным узроўнях. Чакаецца, што выпускнікі праграмы будуць не толькі канкурэнтаздольнымі на традыцыйным рынку працы (музеі, культурны турызм) звязаным з культурнай спадчынай, але будуць здольнымі ініцыяваць інавацыйныя праекты, у тым ліку ў галіне «лічбавай спадчыны» (digital heritage). Кірунак навучання ўяўляецца цалкам лакальна і нацыянальна рэлевантным. Чакаецца, што практыка-арыентаванае навучанне на кірунку дазволіць прыцягнуць дастатковую колькасць абітурыентаў, нават нягледзячы на ўстойлівую тэндэнцыю скарачэння інтарэсу да спецыяльнасцей гістарычнага профілю ў Беларусі ў апошнія гады.

Краіназнаўства, або рэгіяналістыка

(Regional studies) — вывучэнне рэгіёнаў і асобных краін свету, якія маюць прамы ці ўкосны ўплыў на Рэспубліку Беларусь.

Неабходнасць стварэння такой праграмы выклікана не толькі актуальнасцю вывучэння найбуйнейшых актараў сучасных міжнародных адносінаў, але пошукам канкрэтных прыкладаў стратэгій развіцця, рэлевантых выклікам сучаснай Беларусі. Праграмы падобнага зместу (лінгва-краіназнаўства) адносяцца да ліку найбольш запатрабаваных сярод беларускіх абітурыентаў, але яны маюць пераважна філалагічна-культуразнаўчы характар і ахопліваюць толькі частку краін і рэгіёнаў, якія маюць цікавасць з боку Беларусі.

Рэгіяналістыка прадугледжвае комплекснае, усебаковае вывучэнне краін і рэгіёнаў, у тым ліку іх геаграфіі, гісторыі, антрапалогіі, прававой і палітычнай сістэмы, эканомікі, сацыяльнага становішча, а таксама мовы(аў) і культуры. У адрозненне ад культуралогіі, краіназнаўства часта ўключае у якасці аб’екта даследавання дыяспару і эмігрантаў з рэгіёна ці краіны.

У якасці перспектываў напрамкаў можна вылучыць краіны еўрапейскай поўначы (Nordic studies), краіны Балтыі (Baltic studies), іншыя суседнія краіны Беларусі (Польшча, Украіна, Расія), а таксама — еўрапеістыку (European Studies), амерыканістыку (American Studies) і г. д. Мяркуецца, што развіццё Рэгіяналістыкі будзе спрыяць усталяванню беспасрэдных акадэмічных кантактаў, стварэнню сумесных навучальных праграм з універсітэтамі краін аб’ектаў вывучэння.

Чакаецца, што выпускнікі праграм будуць запатрабаванымі на рынку працы ў якасці экспертаў ў сферы палітычных, эканамічных і культурных адносін з замежнымі краінамі.

Медыя і камунікацыя

(Media and Communication Studies) — накірунак навучання, які спалучае засваенне тэарэтычных і практычных ведаў, кампетэнцый і навыкаў, неабходных для працы ў сучасных сродках масавай інфармацыі.

Праграма будзе ўключаць курсы па структуры, гісторыі, фукцыянаванню і ўплыву разнастайных медыя, а таксама — практычным навыкам сучаснай журналістыкі. Яны будуць уключаныя ў больш шырокі кантэкст даследаванняў камунікацыі (Communication Studies), якія спалучаюць аналіз сацыяльных і гуманітарных аспектаў камунікатыўнага працэсу. Навучанне будзе сфакусіраванае на такіх дысцыплінах як сацыяльная лінгвістыка, семіётыка, рыторыка, культуралогія, тэорыя кіно, гісторыя мастацтва, а таксама — сацыялогіі, псіхалогіі, антрапалогіі, эканоміцы і г. д. у той ступені, у якой яны тлумачаць працэсы фрамулявання, трансляцыі і ўспрымання інфармацыі.

У межах праграмы будуць вылучаныя спецыялізацыі, арыентаваныя на творчую літаратурную працу (Creative Writing), камунікатыўны дызайн, візуальныя даследаванні (Visual Studies).

Кірунак навучання стабільна карыстаецца попытам сярод беларускіх абітурыентаў. Выпускнікі будуць здольныя працаўладкавацца амаль у кожным сектары працоўнага рынку: у якасці афіцыйных прадстаўнікоў дзяржаўных органаў, НДА,  карпаратыўных PR-кіраўнікоў газет і інтэрнэт-журналістаў, супрацоўнікаў прэс-службаў маркетынгавых і рэкламных агенцтваў, або працаваць самастойна.

ІТ і інфарматыка

(Computer Science) — кірунак навучання звязаны з тэарэтычнымі асновамі і практычнымі навыкамі карыстання камп’ютарамі і інфармацыйнымі тэхналогіямі.

Гэты накірўнак — адзін з самых запатрабаваных на рынку адукацыйных паслуг і, нягледзячы на вялікую колькасць прапаноў, попыт на такую адукацыю не задавальняецца.

Навучанне ўключае ў сябе засваенне стандартных дысцыплін тэарэтычнага блоку, у тым ліку тэорыі інфармацыйных працэсаў і сістэм, архітэктуры інфармацыйных сістэм, інфармацыйных тэхналогій, тэхналогій праграмавання, кіравання дадзенымі, тэхналогій апрацоўкі інфармацыі, аперацыйных сістэм, сетак і тэлекамунікацыі, інжынернай і камп’ютарнай графікі і інш.

Практычны блок арыентаваны на засваенне навыкаў аналізу і стварэння прагнозу патокаў інфармацыі, стварэння пошукавых сістэм, сетак захоўвання, апрацоўкі і перадачы інфармацыі.

У сувязі з сацыяльна-гуманітарным профілем універсітэта навучанне будзе дапоўнена спецыялізаванымі курсамі па выкарыстанню інфармацыйных тэхналогій у медыяіндустрыі, гуманітарыстыцы (Digital Humanities), даследаваннях культурнай спадчыны і г. д.

Стварэнне накірунку навучання ІТ і інфарматыка, з аднаго боку, павінна паспрыяць «інфарматызацыі» сацыльна-гуманітарных дысцыплін, з другога — «гуманітарызацыі» тэхнічных. Гэта актуальна ў тым ліку і таму, што ў публічнай прасторы Беларусі ўжо ёсць заклікі з боку ІТ спецыялістаў аб стварэнні спецыяльнага напрамку гуманітарнай адукацыі для іх патрэб.

Выпускнікі напрамку будуць запатрабаваныя на рынку працы ў якасці праграмістаў і сістэмных адміністратараў. Могуць выступаць у якасці прыкладных спецыялістаў (займацца распрацоўкай праграмнага забеспячэння, неабходнага для працы арганізацыі), сістэмных праграмістаў (распрацоўваюць аперацыйныя сістэмы і інтэрфейсы працы з сеткамі) або web-праграмістаў (распрацоўшчыкаў інтэрфейсаў і сістэм для глабальных сетак).

Урбаністыка

(Urban Studies) – міждысцыплінарная праграма, арыентаваная на комплекснае вывучэнне гарадской прасторы.

Актуальнасць стварэння выкліканая тым, што ў Беларусі большасць насельніцтва жыве ў гарадах, але наўрад ці можна знайсці якую-небудзь вялікую групу гараджан, задаволеных становішчам гарадской прасторы. Да гэтага трэба дадаць, што ўрбаністыка як асобны накірунак навучання ў Беларусі знаходзіцца на ступені фарміравання.

Навучанне на праграме Урбаністыка ўключае засваенне інструментарыя сацыялогіі, эканомікі, геаграфіі, антрапалогіі і іншых навук для вывучэння феномена горада. Асаблівая ўвага надаецца вывучэнню такіх аспектаў як аналіз камфортнасці гарадскога асяроддзя, узроўню і якасці жыцця, бяспекі і ўстойлівага развіцця, адаптацыя новых аб’ектаў да існуючага сацыяльнага асяроддзя, сэнсавага і функцыянальнага занавання прасторы. Навучэнцы набудуць навыкі працы над гарадскім планаваннем, раэлізацыі праектаў развіцця і рэвіталізацыі гарадскога асяроддзя.

Выпускнікі праграмы будуць запатрабаваныя ў дзяржаўных установах, у некамерцыйным сектары або прыватным бізнесе.

Кіраванне ў бізнесе і публічнай прасторы

(Business and Public Administration) — праграма, арыентаваная на падрыхтоўку менеджараў для працы ў бізнес структурах і некамерцыйных арганізацыях.

Паскарэнне працэсаў сацыяльнай трансфармацыі ў Беларусі выяўляецца ў скарачэнні занятасці ў дзяржаўным сектары эканомікі, што ў сваю чаргу робіць надзвычай актуальным стварэнне новых працоўных месцаў, самазанятасці ў сферы малога і сярэдняга бізнесу, а таксама — НДА. Гэта патрабуе падрыхтоўкі вялікай колькасці спецыялістаў, якія валодаюць навыкамі кіравання ва ўмовах айчыннага рынку.

Навучанне па абедзвюх спецыялізацыях праграмы мае міждысцыплінарны характар і ўключае такія дысцыпліны як права, эканоміка, фінансы,  менеджмент, сацыялогія, статыстыка, аналіз палітыкі, паліталогія і рэгіянальнае планаванне.  Праграма развівае практычныя, кіраўніцкія і камунікатыўныя навыкі студэнта, а таксама здольнасці прыняцця бізнеса і адміністрацыйных рашэнняў. Асаблівасцю спецыялізацыі па кіраванню ў публічнай прасторы будзе арыентацыя на падрыхтоўку прафесійных менеджараў для грамадскіх арганізацый.

Чакаецца, што выпускнікі праграмы будуць не толькі запатрабаваныя на рынку працы, але і будуць здольнымі да самастойнай занятасці і стварэння працоўных месцаў, бізнес-структур і грамадскіх арганізацый.